За першае паўгодзьдзе гэтага году сельскагаспадарчыя арганізацыі ўсіх катэгорыяў вырабілі прадукцыі на 12,4 мільярды рублёў. Гэта менш на 2,7%, чым летась у такі ж пэрыяд. Чыноўнікі тлумачаць зьніжэньне кепскім надвор’ем, а менавіта замаразкамі ўвесну.
З 2019 году ў Беларусі на траціну зьнізіўся ўраджай бульбы. Калі 5 гадоў таму зьбіралі 4,3 мільёна тонаў, то ў 2024 толькі 3,1 мільёна.
Ёсьць праблемы і ў жывёлагадоўлі. Пагалоўе сьвіней скарацілася ў параўнаньні зь мінулым годам на 300 000 — да 2 мільёнаў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы зьменьшылася на 100 000 — да 4 мільёнаў.
Такое скарачэньне — шматгадовая тэндэнцыя. З 2020 году сьвіней паменела на 853 000, буйной рагатай жывёлы — на 291 000. Вынікае, што за 5 гадоў сьвіней стала меней на траціну, буйной рагатай жывёлы — на 6,7%.
«Калі ўлады палезуць рэгуляваць цэны, можа быць дэфіцыт»
Збор ураджаю пачалі сёлета пазьней, што адбіваецца на цяперашніх паказьніках. На гэта зважае кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімер Кавалкін.
«Праз умовы надвор’я збор ураджаю пачаўся пазьней, але мы пакуль ня ведаем, ці прывядзе гэта да зьніжэньня канчатковых паказьнікаў. На інфляцыю ж далей будзе ўплываць інфляцыя ў Расеі. А другое — будзе ўплываць ручное рэгуляваньне цэнаў Лукашэнкам. Таму на цэны будзе ўплываць расейскі рынак і тое, наколькі ўключаць ручное рэгуляваньне», — кажа суразмоўца.
Як прыклад ён прыводзіць сёлетнюю сытуацыю з бульбай, калі цэны ў Беларусі ніжэйшыя, уся бульба ідзе на экспарт у Расею, а беларусам яе бракуе.
Калі ж цэны выраўняць, то ня будзе «ні голаду, ні дэфіцыту», упэўнены Уладзімер Кавалкін.
«У Беларусі даволі буйная сельскагаспадарчая вытворчасьць, калі мець на ўвазе сваё насельніцтва. Можна ня ўсё адпраўляць на экспарт. Рост цэнаў чакаецца ў межах 7-8%, але калі ўлады палезуць сваімі рукамі зьмяншаць цэны, то гэта можа прывесьці да дэфіцыту прадуктаў харчаваньня ў Беларусі. Фэрмэрам будзе выгадней прадаваць на расейскі рынак», — кажа экспэрт.
Пры гэтым, зьвяртае увагу Кавалкін, у Літве пасяўныя плошчы ў 1,5 раза меншыя, чым у Беларусі, а зьбіраюць амаль такі ж ураджай і нават большы, а таксама маюць лепшы вынік ураджайнасьці з гектару. Надвор’е, на якое другі год скардзяцца ўлады Беларусі, у суседніх краінах падобнае.
Уладзімер Кавалкін мяркуе, што гэта зьвязана з рынкавай эканомікай Літвы.
«Фэрмэр укладае грошы ў інтэнсыфікацыю вытворчасьці, каб атрымаць з маленькага кавалачку зямлі болей збожжа. А ў Беларусі камандна-адміністрацыйная эканоміка. Для Лукашэнкі важна, каб ён ляцеў на верталёце і бачыў засеяныя палі. А якая там прадукцыйнасьць, яму ўсё адно. Рынкавая ж эканоміка сама можа сябе адрэгуляваць. Адна з галоўных мэтаў кожнага кіраўніка калгасу ў Беларусі — задаволіць эга Лукашэнкі і ня сесьці ў турму. А прыбытак — тэма другасная», — гаворыць Кавалкін.
«У гаспадаркі няма ўласьніка»
Сельская гаспадарка ў Беларусі пераважна належыць дзяржаве і мае дзяржаўныя датацыі, але ня мае канкрэтнага ўласьніка, мяркуе старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.
«Няма канкрэтнага ўласьніка. Дырэктар гаспадаркі не зацікаўлены ў працы сваёй гаспадаркі так, як уласьнік. Галоўная задача — выканаць плян зьверху, а ня больш якасная вытворчасьць. На гэта накладаецца рэгуляваньне цэнаў, гаспадаркі вымушаныя эканоміць, каб так моцна ня рос сабекошт. Эканомяць на абслугоўваньні жывёлы, на кармах», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Яшчэ адна праблема, паводле суразмоўцы, — недахоп кадраў. У сельскай гаспадарцы гэта моцна адчуваецца. Гэтыя тры фактары прыводзяць да скарачэньня пагалоўя ў жывёлагадоўлі.
Праблемы сельскай гаспадаркі могуць прывесьці да скарачэньня асартымэнту тавараў у крамах, дадае Анастасія Лузгіна. Таксама могуць упасьці паказьнікі экспарту.
«Дэфіцыт — ня думаю, што будзе. Але можа быць абмежаваны выбар тавараў. Праз рэгуляваньне цэнаў можа ўтварацца недахоп нейкіх тавараў», — мяркуе суразмоўца.
Доля стратных арганізацыяў без уліку дзяржаўнай падтрымкі ў сельскай гаспадарцы — 51,4%.
У 1994 годзе ў сельскай мясцовасьці Беларусі жылі 3,3 мільёна чалавек. У 2024 годзе — 1,9 мільёна, менш у 1,7 раза.
Форум