Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працаўнік для дабра ўсяго беларускага». Успаміны пра Вячку Станкевіча

абноўлена

Вячка Станкевіч у студыі Радыё Свабода ў Празе, травень 2013
Вячка Станкевіч у студыі Радыё Свабода ў Празе, травень 2013

У Злучаных Штатах на 93-м годзе пайшоў з жыцьця Вячка Станкевіч, адзін з найстарэйшых актывістаў беларускай дыяспары ў Амэрыцы, радны БНР, колішні дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода. Успамінамі пра Вячку Станкевіча дзеляцца тыя, хто зь ім працаваў і ведаў яго.

«Рабіў сумленна ўсё, за што браўся»

Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:

— Страцілі мы ўсе вельмі вартаснага чалавека, ня толькі адданага працаўніка для дабра ўсяго беларускага, але і сябру, на якога заўсёды маглі разьлічваць найбольш у розных патрэбах.

Быў ён сумленны, працавіты і вельмі здольны ўдзельнік беларускага жыцьця. Я безумоўна вельмі ўдзячная яму за ягоную дзейнасьць у Радзе БНР, але рабіў ён сумленна ўсё, за што браўся. Да таго ж рабіў усё гэта спакойна, з усьмешкай.

Вечная табе памяць, дарагі Вячка!

«Даваў рады з эфэктыўнасьцю амэрыканскага інжынэра»

Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода з 1998 па 2023 год, фрагмэнт з кнігі «Там, дзе няма цемнаты»:

— Вячка, ён жа Walter, вырас у Амэрыцы, але паходзіў зь беларуска-чэскай сям’і — ягоны бацька быў вядомы лінгвіст, аўтар арыгінальнага слоўніка, дзеяч беларускага палітычнага жыцьця ў міжваенны пэрыяд. Інжынэр паводле адукацыі, выдатны арганізатар, заўсёды з усьмешкай на твары, часта зь нейкай мэлёдыяй на вуснах, Вячка выпраменьваў сьвятло і аптымізм. Для яго не было невырашальных праблемаў, ён меў высокі парог здаровага сэнсу і яшчэ вышэйшы аўтарытэт.

Як я цяпер разумею, Вячку было зусім ня проста з двума дзясяткамі новых карэспандэнтаў у Беларусі — не праз арганізацыйныя ці фінансавыя акалічнасьці, гэтаму ён даваў рады з эфэктыўнасьцю амэрыканскага інжынэра, а праз нашую савецкую (хоць і антысавецкую) мэнтальнасьць, звычкі, норавы.

Дый журналістыка наша была даволі спэцыфічная: ня столькі рэпартажы, колькі камэнтары, процьма эпітэтаў, «яканьне», пыха. Такая была і наша аўдыторыя, яна такое чакала і любіла, і трэба прызнаць, гэты стыль тады даваў плён.

Не лягчэй было і са штатнымі супрацоўнікамі рэдакцыі. Радыё месьцілася ў ціхім кутку Мюнхэну, на ўскрайку вялізнага парку, Der Englische Garten, каля піўной рэстарацыі, дзе зьбіраліся сотні аматараў узьняць «Maß» — цяжкі літровы куфаль.

Аднак справа была не ў алькагалізьме. У рэдакцыі працавалі савецкія эмігранты, як тады казалі, паводле габрэйскай лініі, польскія беларусы зь Беласточчыны, дзеці паваеннай эміграцыі зь Нямеччыны і Амэрыкі. Я быў першым на радыё штатным супрацоўнікам з пашпартам краіны вяшчаньня, на якім быў яшчэ герб СССР, — не пасьпеў памяняць на новы з Пагоняй. Таксама я быў першым у штаце прафэсійным журналістам з досьведам галоснасьці. На час прыезду ў Мюнхэн у мяне быў ужо дзесяцігадовы газэтны стаж (некаторыя мае публікацыі чыталі па Свабодзе, дзеля чаго аднойчы ледзь ня звольнілі). Я друкаваўся ў цэнтральным савецкім і мясцовым антысавецкім друку, быў аўтарам тузіну дакумэнтальных фільмаў, сябрам Камітэту ў дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь — сакратаром журналісцкай сэкцыі, апошняя пасада перад радыё — галоўны рэдактар самага вялікага ў краіне выдавецтва.

Што выклікала падазрэньне.

Неўзабаве я ўведаў, што я агент КДБ, што мая беларуская мова занадта савецкая, а ангельская занадта брытанская, што я не журналіст, а самазванец...

Вячка пра звады і кансьпіралягічныя тэорыі звычайна казаў: «Пустое», і пераходзіў на практычныя тэмы. А клопатаў яму хапала — апроч складаньня штодзённай праграмы, працы зь нямецкай і амэрыканскай бюракратыяй, трэба было шукаць і вучыць новых карэспандэнтаў, арганізоўваць дастаўку матэрыялаў, перадачу нямецкіх марак у Беларусь. Ён езьдзіў на сустрэчы з журналістамі ў суседнія краіны, запрашаў дадому, падтрымліваў сувязь з дыяспарай, арганізоўваў беларускае жыцьцё ў Мюнхэне...

Менавіта дзякуючы Вячку ў 1993 годзе мяне занесла на Свабоду, а празь пяць гадоў у дырэктарскі кабінэт. У кастрычніку 2018-га я даслаў свайму першаму і апошняму дырэктару мэйл:

«Дарагі Вячка, віншую з дваццацьцю гадамі на свабодзе! 30 верасьня 1998-га ты спыніў працаваць і зажыў разам з Джоан вольна і шчасьліва. Твая праца на карысьць Беларусі ніколі не спынялася, як і твайго бацькі, як і ўсіх, каго ты падтрымаў і каму давяраў. Сёньня дваццаць год, як я дырэктарствую на Свабодзе, — дзякуй за ўсё!»

Аляксандар Лукашук, Вячка Станкевіч і Джоан Станкевіч (зьлева направа ў першым шэрагу) у Празе на прэзэнтацыі кнігі ўспамінаў Джоан Станкевіч «Жыцьцё з водарам небясьпекі: Эўрапейскія прыгоды падчас падзеньня камунізму», травень 2013
Аляксандар Лукашук, Вячка Станкевіч і Джоан Станкевіч (зьлева направа ў першым шэрагу) у Празе на прэзэнтацыі кнігі ўспамінаў Джоан Станкевіч «Жыцьцё з водарам небясьпекі: Эўрапейскія прыгоды падчас падзеньня камунізму», травень 2013

«Вялікі духам, душой і рашучасьцю»

Джэф Трымбл, дырэктар вяшчаньня ў часе, калі Вячка Станкевіч узначальваў Беларускую службу Радыё Свабода. Пазьней спадар Трымбл быў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабода/Радыё Свабода:

— Уолтэр Станкевіч быў маленькім волатам: невялікага росту і зь ціхім голасам, але вялікі духам, душой і рашучасьцю.

Адданы патрыёт сваёй радзімы і праціўнік менскага рэжыму, ён, тым ня менш, сачыў за тым, каб праграмы Беларускай службы адпавядалі самым высокім прафэсійным журналісцкім стандартам. Ён рашуча абараняў службу і яе журналістаў, надаючы асаблівую ўвагу і клопат бясьпецы журналістаў, якія рабілі рэпартажы зь Беларусі.

Уолтэр падаваў прыклад іншым сваёй адданасьцю справе, цяжкай працай і глыбокай верай у будучыню Беларусі як сапраўды незалежнай, дэмакратычнай краіны, якая абапіраецца на заходнія інстытуты. Прыемна і зьяўляецца найвышэйшай данінай павагі Ўолтэру, што гэтая вера працягвае кіраваць жыцьцёва важнай працай Беларускай службы і, па сутнасьці, усіх моўных службаў на Радыё Свабода.

«Зарганізаваў і вёў каманду»

Алеся Кіпель, дзяячка беларускай дыяспары ў ЗША

— Вячка Станкевіч сваёй адданасьцю і энэргіяй моцна падмураваў голас і дзейнасьць амэрыканскіх беларусаў у Вашынгтоне. Ён зарганізаваў і вёў каманду, якая рэгулярна й плённа хадзіла па калідорах афіцыйнага Вашынгтону — у Кангрэсе, у Дзяржаўным дэпартамэнце і ў Белым доме. Яго паважалі ня толькі мы — гэтая каманда, — але і ўсе, з кім мы сустракаліся.

Вячка таксама прывёў нас — малую групу сьвядомых беларускіх жыхароў у сталіцы Амэрыкі — да рашэньня, што трэба абнавіць нашу актыўнасьць прах гурток Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) у Вашынгтоне. Пад пільным наглядам Вячкі гурток памножыўся і стаў аддзелам.

Мы вельмі ўдзячныя Вячку за ягоную падтрымку і ўсё, што ён выканаў для дабра вольнай Беларусі.

«Вы ўжо адно слова сказалі!»

Аляксей Дзікавіцкі, былы журналіст Радыё Свабода, былы дырэктар тэлеканалу Белсат:

— Каб ня Вячка Станкевіч, маё жыцьцё дакладна склалася б іначай. Гэта ён запрасіў мяне паспрабаваць свае сілы на Свабодзе ў другой палове 90-х, а я стараўся як мог — працаваў у Пінску, ганяў з дыктафонам па ўсім Палессі, а потым па Польчшы ды іншых краінах. Тэлефануючы з Прагі, калегі часам жартаўліва пыталіся «Алё, гэта эўрапейскае бюро Радыё Свабода?»

Без таго першага матэрыялу для Радыё Свабода, які сам зь нейкім недаверам і адначасова гонарам пачуў на свабодаўскіх хвалях, я магчыма і не зьвязаў бы сваё жыцьцё так моцна з журналістыкай. Не было б мэгапапулярнай незалежнай газэты ў Пінску, пазьнейшага супрацоўніцтва таксама з расейскай службай Свабоды, знаёмства з масай цудоўных людзей, удзелу ў стварэньні тэлеканалу...

Аднойчы, на пачатку маёй свабодаўскай кар’еры, мы са спадаром Вячкам ляцелі разам з Менску ў Прагу. На амаль пустым лётнішчы дзяўчаты, якія правяралі багаж, пачулі, як мы размаўляем па-беларуску і адна зь іх зь відавочным захапленьнем сказала, гледзячы менавіта на майго тагачаснага дырэктара: «Ой, вы так так красиво по-белорусски разговариваете, ой размаўляеце, что я даже подумала, что вы наверное не отсюда...» Тады спадар Вячка шырока ўсьміхнуўся і адказаў: «А вы думаеце, што тут беларусы не пачнуць размаўляць на роднай мове? Думаю, пачнуць — вось вы ўжо адно слова сказалі!»

Вечная памяць.

Вячка Станкевіч з жонкай Джоан у Празе, травень 2013
Вячка Станкевіч з жонкай Джоан у Празе, травень 2013

Спадар Вячка і «Трам-пам-па!»

Алена Радкевіч, журналістка Радыё Свабода:

— «Трам-пам-па!» — гэта былі гукі, па якіх я заўсёды чула, што недзе па калідоры ідзе Вячка. І гэта быў першы ў маім жыцьці начальнік, якога я нязьменна бачыла ў гуморы. Ён напяваў нават ня нейкую канкрэтную мэлёдыю — так ён пасылаў у навакольле радасны імпульс і прыязнасьць да тых, хто побач. Прынамсі, нам так здавалася, а гэта — вялікая справа, калі твой начальнік стварае падобную няхай сабе і ілюзію.

Ён прасіў зьвяртацца да яго «Вячка», шчыра зьдзівіўшыся, калі я спыталася, а ці можна «па бацьку»? Для мяне, якую савецкая традыцыя прывучыла дэманстраваць пачцівасьць да кіраўніцтва, гэта гучала несур’ёзна: немаладога чалавека, мэнэджэра, называць ледзьве не мянушкай. Ратаваў гэты ўнутраны дысананс дадатак да звароту слова «спадар». Толькі пазьней даведалася, што паводле амэрыканскіх дакумэнтаў ён быў Уолтэр, але дзіцячае імя «Вячка» яму адпавядала больш. З Уолтэрам не вязалася ніякае «Трам-пам-па!»

Узгадваю гісторыю, якая, вядома, больш кажа пра нас, чым пра яго. Спадар Вячка і ягоная жонка, амэрыканка Джоан, зусім не ўжывалі алькаголю. Аднойчы яны запрасілі ўсіх да сябе на вечарыну — змацаваць і шчыльней перазнаёміць рэдакцыю, якая пасьля пераезду зь Мюнхэну ў Прагу складалася напалову з новых людзей. Хто ж мог падумаць, што на такім мерапрыемстве алькаголю ня будзе зусім? Некаторы час мы чакалі, потым зразумелі што давядзецца весяліцца цьвярозымі і — лішне казаць — зажурыліся. Вячка з жонкай недаўмявалі, і я, з падвышанай сацыяльнай адказнасьцю, узялася імітаваць агульны энтузіязм. Спачатку засьпявала нешта, што ўсе мусілі падхапіць. Потым пад музыку мы з мужам пайшлі ў скокі, цішком іранізуючы са свайго задору. Але неўзабаве весялосьць пачала зараджацца сама ад сябе: мы ўсе сьмяяліся, танчылі і сьпявалі ўжо без прымусу, пачаліся забаўныя ўспаміны, рогат не аціхаў да ночы. Вячка з Джоан выглядалі пераможцамі: магчыма, ім здалося, што яны навярнулі нас у сваю веру (спойлер: не). Але гэта былі першыя ў маім дарослым жыцьці безалькагольныя і аднак вельмі вясёлыя вячоркі.

І сёньня ў мяне таксама ня будзе на памінальным стале традыцыйнай чаркі за спадара Вячку. «Трам-пам-па», — недзе напявае ён з анёламі. «Трам-пам-па»...

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч і журналістка Алена Радкевіч. Прага, сярэдзіна 1990-х
Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч і журналістка Алена Радкевіч. Прага, сярэдзіна 1990-х

«Сустрэліся Луцкевічаняты з Станкевічанятамі»

Сяргей Шупа, былы журналіст Радыё Свабода:

— Прыгадваю нашы першыя сустрэчы. 1989, Купальле на Беласточчыне ў лясной хаце Латышонкаў у вялікай кампаніі моладзі з БАСу і амэрыканскіх гасьцей з ансамблю «Васілёк». У нейкі момант да нас зь Янам Максімюком падыходзіць Валіс Сэльвясюк і кажа: ёсьць справа, адыдзем у лес. Адыходзім у лес і там ва ўмовах строгай сакрэтнасьці сустракаемся з чалавекам — супрацоўнікам Радыё Свабода ў Мюнхэне Вячаславам Ластовічам. Выяўляецца, што Ластовіч з радыёхваляў — ніякі не Ластовіч, а Вячка Станкевіч, сын легендарнага мовазнаўцы Янкі Станкевіча... Мы першы раз у жыцьці бачылі жывога чалавека з Радыё, а ён — рэальных таго Радыё слухачоў. Пагаварылі коратка, але зьмястоўна. Не ўяўляючы сабе і ў сьне, што мы — і Ян, і я — неўзабаве на доўгія гады зьвяжам з тым Радыё найбольшы кавалак прафэсійнага жыцьця. І тая сустрэча адыграла ў гэтым істотную ролю.

1990. Жалезная заслона пасыпалася, і ў Беларусь пачалі прыяжджаць людзі, якім туды доўгія гады дарога была закрытая. Гэтак улетку ў Менск прыехаў і Вячка. Літаральна ў другі дзень мы выправіліся ў аднадзённую экспэдыцыю «шляхам Станкевічаў» — перадусім у родавае гняздо, вёску Вурляняты на Смургоншчыне, адкуль паходзілі ўсе славутыя Станкевічы ХХ стагодзьдзя, зайшлі на могілкі, дзе пакланіліся кенатафу ксяндза Адама, пагаварылі з старымі жыхарамі, якія яшчэ сяго-таго памяталі. Перад тым яшчэ былі заехалі ў Вішнева, сустрэліся зь яшчэ адным неардынарным чалавекам, айцом Уладзіславам Чарняўскім, які тады быў увесь паглыблены ў пераклад Бібліі. Урэшце дабраліся і да галоўнай мэты — Вільні. Прайшліся па трох вядомых адрасах, дзе жыла сям’я Станкевічаў, разабраліся дзе нарадзіўся Вячка, а дзе браты, старэйшы Юрка і малодшы Богуш. Урэшце нанесьлі сюрпрыз-візыт яшчэ аднаму прадстаўніку «пакаленьня сыноў» — Лявону Луцкевічу, сыну Антона. «Сустрэліся Луцкевічаняты з Станкевічанятамі», — пракамэнтаваў сустрэчу гаспадар. Там заседзеліся аж да ночы...

1997. Я прыехаў у Прагу на запрашэньне Вячкі Станкевіча, тады ўжо дырэктара Беларускай Свабоды. Пачалася праца пад яго кіраўніцтвам. Вячка быў таленавіты арганізатар, эфэктыўны мэнэджэр, чуйны чалавек і заўзяты беларус. Але тут ужо пачынаецца іншая гісторыя...

Вячка Станкевіч у Вашынгтоне, ліпень 2008
Вячка Станкевіч у Вашынгтоне, ліпень 2008


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG