На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае украінскі палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў.
— БССР была 9-й з 15 рэспублік СССР, якая прыняла дэклярацыю аб незалежнасьці. І была парада з Крамля, ад Міхаіла Гарбачова, яе прыняць. Чаму цэнтар імпэрыі тады даў такую, на першы погляд, дзіўную параду?
— Нічога дзіўнага. Па-першае, гэта не была дэклярацыя незалежнасьці. Гэта была дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Гэта быў сувэрэнітэт у рамках саюзнай дзяржавы. І абсалютна відавочна, чаму была прынятая гэтая дэклярацыя. Да гэтага была дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР. Менавіта гэтая дэклярацыя ўстанавіла вяршэнства законаў Расейскай Фэдэрацыі на ўсёй тэрыторыі гэтай рэспублікі і прыярытэт яе заканадаўства над законамі СССР. І амаль адразу пасьля расейскай дэклярацыі была прынятая падобная дэклярацыя аб сувэрэнітэце Ўкраінскай ССР.
Дарэчы, зараз у расейскім палітычным мэйнстрыме модна спасылацца на гэтую ўкраінскую дэклярацыю, таму што ў ёй, як і ў беларускай дэклярацыі, гаварылася пра нейкі нэўтральны статус, пра тое, што Ўкраіна хоча быць бязьядзернай дзяржавай. Гэтага не было ў акце аб незалежнасьці Ўкраіны. Але дэклярацыя аб сувэрэнітэце была. І гэта таксама даволі важны момант, зьвязаны з тым, што адбывалася ў тагачасным Савецкім Саюзе. Пасьля прыняцьця расейскай і ўкраінскай дэклярацыяў аб сувэрэнітэце саюзны цэнтар сапраўды раіў многім іншым былым савецкім рэспублікам прыняць адпаведныя дэклярацыі, каб размыць іх сэнс і прадэманстраваць, што дэклярацыі аб незалежнасьці або сувэрэнітэце — гэта толькі крок да стварэньня абноўленага саюзу.
27 ліпеня 1990 году дэпутаты ад нацыянальна-дэмакратычных сіл, якія былі меншасьцю ў Вярхоўным Савеце БССР, пакінулі залю, калі галасавалі па артыкуле 10. Гэты артыкул казаў, што ў будучыні Беларусь павінная прыняць удзел у стварэньні абноўленага саюзу. А прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычных сіл мелі свой альтэрнатыўны законапраект, у якім не было ніводнага слова пра ўдзел у стварэньні саюзу сувэрэнных рэспублік. І яны пакінулі залю, бо не хацелі ўдзельнічаць у дзейнасьці Вярхоўнага Савету, які прымаў менавіта такі артыкул. Але гэта была рэкамэндацыя Міхаіла Гарбачова. Паводле яго ў гэтай дэклярацыі вы можаце пісаць што заўгодна, але галоўнае — напісаць, што хочаце ўдзельнічаць у стварэньні абноўленага саюзу. І зноў жа, гэта той пункт, які адсутнічаў у дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Ўкраіны.
— Здабыцьцё незалежнасьці савецкімі рэспублікамі выглядала як перамога нацыянальнага Давіда над імпэрскім Галіяфам. У Беларусі пасьлядоўна і выразна за поўную незалежнасьць быў толькі БНФ. Але Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Кебіч, украінец Леанід Краўчук — яны былі Галіяфам? Ці Давідам?
— Яны не былі Галіяфамі, але не былі і Давідамі. Гэта былі людзі, якія ўважліва сачылі за сытуацыяй. Я ведаю з уласнага досьведу, што яны думалі пра незалежнасьць ужо ў 1989-1990 гадах. Я сустракаўся зь Леанідам Краўчуком, калі ён яшчэ быў сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Ўкраіны, нават не старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраінскай ССР. І я браў у яго інтэрвію, у якім пытаўся пра яго стаўленьне да першага сакратара ЦК Незалежнай камуністычнай партыі Літвы Альгірдаса Бразаўскаса і да самой ідэі абвяшчэньня незалежнай Камуністычнай партыі Літвы. І Леанід Краўчук, які па тэлебачаньні спрачаўся зь лідэрамі Народнага руху Ўкраіны адносна абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны, у тым інтэрвію сказаў, што разумее і падзяляе падыход Незалежнай камуністычнай партыі Літвы і Бразаўскаса, што ставіцца да іх дзеяньняў з сымпатыяй, што лічыць, што гэта адзіны шанец выратаваць камуністычныя партыі ў саюзных краінах. Я чуў гэта ад яго і таму яго далейшая траекторыя дзеяньняў мяне ніколі не зьдзіўляла, бо я ведаў, што ён думаў пра гэтую траекторыю ў той час, калі пераважная большасьць прадстаўнікоў партыйнага апарату Ўкраіны заставалася цалкам адданай ідэі захаваньня Савецкага Саюзу і барацьбы з так званым украінскім нацыяналізмам.
Леанід Краўчук быў акружаны гэтымі людзьмі, якія былі сапраўднымі ворагамі яго народа, але тым ня менш гэтыя людзі ажыцьцяўлялі ўладу ў гэтай краіне. Сярод іх быў першы сакратар ЦК КПСС Украіны Уладзімір Шчарбіцкі, які нават не дапусьціў перабудовы ва Ўкраіне. Але яго пераемнікі, напрыклад, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Ўкраіны Уладзімір Івашка ці яго пераемнік Станіслаў Гарэнка, былі такімі перабудоўшчыкамі, якія хацелі інтэграваць Украіну ў саюз і вельмі ганарыліся тым, што Міхаіл Гарбачоў абраў нашу рэспубліку галоўным цэнтрам падрыхтоўкі новай саюзнай дамовы. І, на шчасьце, ён пралічыўся.
Леанід Краўчук і прадстаўнікі апазыцыі ў Вярхоўнай Радзе Украіны 24 жніўня 1991 года ня толькі пайшлі па шляху дэклярацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту, але і ўхвалілі асобны акт незалежнасьці, які потым быў прагаласаваны на рэфэрэндуме 1 сьнежня і, фактычна, паклаў канец існаваньню Савецкага Саюзу. Беларусь 25 жніўня 1991 году надала дэклярацыі аб сувэрэнітэце, пра якую мы гаворым, моц канстытуцыйнага закону, тым самым, не пазбаўляючы сябе місіі ўдзельнічаць у стварэньні новага саюзу. Кіраўнікі Беларусі, калі вы памятаеце, паміж жніўнем і сьнежнем 1991 года ўвесь час ўдзельнічалі ў розных сустрэчах у Крамлі, на якіх абмяркоўвалася магчымасьць стварэньня абноўленага саюзу. Я не выключаю, што гэты абноўлены саюз быў бы створаны ў колькасьці тых рэспублік, якія былі гатовыя яго стварыць, калі б Расея гэтага хацела.
— Але Шушкевіч і Кебіч ў сьнежні 1991 году паехалі ў Віскулі, каб пахаваць СССР. А, напрыклад, Нурсултан Назарбаеў адмовіўся ехаць туды.
— У Белавескай пушчы кіраўніцтва Беларусі хацела пасярэднічаць паміж кіраўніцтвам Расеі і Украіны пасьля рэфэрэндуму 1 сьнежня. Ніхто ў Маскве ня верыў, што рэфэрэндум 1 сьнежня 1991 года скончыцца перамогай прыхільнікаў незалежнасьці. Усё савецкае кіраўніцтва і расейскае кіраўніцтва былі ўпэўненыя, што большасьць украінцаў прагаласуе супраць незалежнасьці. Я чуў гэта ад кіраўнікоў савецкага ўраду, зь якімі я сустракаўся, і ад кіраўнікоў расейскага ўраду. Галіна Старавойтава, дарадца прэзыдэнта Расеі ў нацыянальных пытаньнях, распавяла мне, што размаўляла з Барысам Ельцыным і той упэўнена сказаў ёй, што Ўкраіна прагаласуе супраць незалежнасьці, а калі будуць нейкія эксцэсы, дык Міхаіл Гарбачоў неяк зь імі справіцца. А калі Старавойтава сказала, што сацыялёгія насамрэч паказвае зусім іншае, што 1 сьнежня Ўкраіна нарэшце стане незалежнай дзяржавай, Ельцын быў вельмі зьдзіўлены.
Ня ўпэўнены, што ў яго быў плян. Ельцын ехаў у Белавескую пушчу, каб пераканаць Краўчука застацца часткай адноўленага саюзу, які яны абмяркоўвалі на сваіх сустрэчах. І для яго, і для Шушкевіча катэгарычная адмова Краўчука ад удзелу ў гэтым адноўленым саюзе была нечаканасьцю, і таму лідэры Расеі і Беларусі былі вымушаныя пачаць абмяркоўваць з прэзыдэнтам Украіны новую мадэль узаемадзеяньня. Такім чынам была створаная Садружнасьць Незалежных Дзяржаў. Нурсултан Назарбаеў не ўсьведамляў катэгарычнага нежаданьня ўкраінскай дзяржавы ўдзельнічаць у адноўленым Саюзе і верыў, што зможа стаць кіраўніком ураду гэтага адноўленага Саюзу.
— Прыкладна за месяц да беларускай дэклярацыі, 12 чэрвеня, дэклярацыю аб сувэрэнітэце абвясьціла РСФСР. Нас з вамі глядзяць і маладыя людзі. Як ім патлумачыць тыя падзеі? Масква паўстала супраць Масквы за сваю незалежнасьць. І перамагла. Гэта як? Пуцін зараз ліе рэкі крыві, каб аднавіць тое, што Вярхоўны Савет Расеі ў 1990 годзе мог бы як мінімум не падрываць. Чаму падрываў?
— Таму што ішла барацьба паміж двума расейскімі цэнтрамі ўлады. У дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Расейскай Фэдэрацыі не было ніякай палітычнай лёгікі, таму што Расейская Фэдэрацыя была дзяржавай, якая акупавала ўсе астатнія дзяржавы вакол сябе і прымусіла іх уступіць зь ёй у саюз. Але было два цэнтры ўлады. Абодва цэнтры ўлады былі расейскімі. Савецкі цэнтар улады на чале зь Міхаілам Гарбачовым быў адным цэнтрам расейскай улады, расейскі цэнтар улады на чале з Барысам Ельцыным быў іншым цэнтрам улады, таксама расейскім. Я лічу, што гэта была палітычная грамадзянская вайна паміж двума расейскімі групоўкамі, якія па-рознаму бачылі далейшае разьвіцьцё сваёй імпэрыі.
Я быў супраць незалежнасьці Расейскай Фэдэрацыі ўжо тады, я выказваўся публічна. Я выразна папярэджваў, што калі Расейская Фэдэрацыя абвесьціць незалежнасьць, гэта прывядзе да войнаў як на яе тэрыторыі, так і на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу. Усе мае прагнозы, зробленыя ў 1990-1991 гадах , на жаль, спраўдзіліся, таму што я лічыў, што гэтая палітычная грамадзянская вайна паміж двума расейскімі цэнтрамі ўлады ні да чаго добрага не прывядзе. Тады мяне ніхто ня слухаў. Расея на чале зь Ельцыным была ўпэўненая, што павінна пераадолець гарбачоўскі цэнтар улады, я гэта добра памятаю. І самае галоўнае, Расея была ўпэўненая, што потым у будучыні зможа сабраць гэтыя былыя савецкія рэспублікі пад кіраўніцтвам Ельцына.
Расейская канцэпцыя была вельмі простая. Мы павінныя скінуць іх як баляст на сёньняшні дзень, правесьці неабходныя эканамічныя рэформы, а потым прымусіць іх вярнуцца. Яны нікуды ня дзенуцца. Вось чаму Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў была створаная расейцамі як дзяржава — агульны банк, агульныя ўзброеныя сілы, агульнае камандаваньне стратэгічнымі ўзброенымі сіламі, адзіная валюта, усё агульнае. А калі аказалася, што гэта была ілюзія, і гэта стала цывілізацыйным шокам для расейскага кіраўніцтва і расейскага народу.
І адной з ахвяраў гэтага шоку стала беларуская дзяржаўнасьць і беларускі народ, якія першымі з дапамогай спэцапэрацыі з абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі вярнуліся да гэтых псэўдаінтэграцыйных структур, якія былі створаныя яшчэ ў часы Ельцына. Гэтыя псэўдаінтэграцыйныя структуры, яны павінныя былі распаўсюдзіцца на ўсе былыя рэспублікі СССР, ня толькі на Беларусь.
— А вось якраз пра Лукашэнку. Лукашэнка, калі ішоў да ўлады, не хаваў сваіх прасавецкіх пачуцьцяў, наўпрост выказваўся за аднаўленьне СССР. У 1993 годзе ён апублікаваў у «Праўдзе» артыкул «Да возродится», дзе і заклікаў да аднаўленьня Савецкага Саюзу. І вось такі адэпт імпэрыі стаў кіраўніком незалежнай краіны, неўзабаве і дыктатарам. І кіруе ўжо 32-гі год, чвэрць стагодзьдзя. Хацеў аднавіць СССР, дык і аднавіў бы. Што перашкодзіла дыктатару зьдзейсьніць яго мару?
— Таму што для гэтага танга павінныя быць двое, як любіць казаць Дональд Трамп. Для таго «танга» патрабавалася ня толькі Беларусь, але і Расея. Калі быў створаны новы інтэграцыйны праект з удзелам Лукашэнкі Расея не жадала паглыбляць інтэграцыю, таму што ёй не патрэбная была інтэграцыя толькі зь Беларусьсю. І, дарэчы, я прыгадаў той артыкул Лукашэнкі ў 1993 годзе. Я напісаў тады артыкул у адказ Лукашэнку пад назвай «Савецкага Саюзу ня будзе». І ён быў адрасаваны Лукашэнку. Я яму выразна сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, Савецкага Саюзу ня будзе, супакойцеся». Ён не паверыў, бо хацеў ня толькі гэтага Савецкага Саюзу, але і заняць у ім адну з найважнейшых пасад. Гэта значыць, па сутнасьці, ён імкнуўся да таго ж, да чаго імкнуўся Нурсултан Назарбаеў у 1991 годзе, калі не паляцеў у Белавескую пушчу.
Але каб аднавіць Савецкі Саюз, Расеі патрэбная перш за ўсё Ўкраіна. І мы бачым гэта па той вайне, якая зараз ідзе на ўкраінскай зямлі. Без Украіны Расейская Фэдэрацыя ня лічыць сябе гульцом у Эўропе. І аднаўленьне імпэрыі — гэта ня проста для задавальненьня, гэта каб быць геапалітычным гульцом у Эўропе. І трэба шчыра сказаць, што адной толькі Беларусі для гэтага недастаткова. Беларусь можна выкарыстоўваць як пляцдарм для нападу на Ўкраіну. Але калі перамагчы Ўкраіну, яе можна выкарыстоўваць як пляцдарм для шантажу Польшчы, Вугоршчыны, Славаччыны, Румыніі, а калі прыгадаць пра басэйн Чорнага мора — Баўгарыі і Грузіі. Гэта значна больш, чым магчымасьці кантролю над Беларусьсю. І менавіта пра гэтыя магчымасьці зараз думае Масква.
— Дагэтуль мы гаварылі больш пра пэрсаналіі — пра Шушкевіча, Краўчука, Ельцына. А якія былі настроі грамадзтваў і элітаў. Вы сказалі, што партыйная эліта Ўкраіны была за СССР. А можа гэта была больш рыторыка, а практычна яны былі прынамсі ня супраць незалежнасьці?
— У кожнага былі свае погляды на незалежнасьць і на тое, чым яна павінна скончыцца. Я быў сьведкам двух раўндаў перамоваў, калі расейскія дэмакраты сустракаліся зь беларусамі, зь Зянонам Пазьняком, у Маскве. І быў сьведкам сустрэчаў ўкраінскіх дэмакратаў зь беларускімі. І я ня бачыў у расейскіх лібэралаў разуменьня, як далёка можа зайсьці незалежнасьць Украіны ці Беларусі. Што тычыцца партыйных лідэраў, партыйнай эліты, то спачатку яны ўспрымалі незалежнасьць і сувэрэнітэт сваіх рэспублік як магчымасьць умацаваць уласны ўплыў у Савецкім Саюзе. Пра поўную незалежнасьць думалі толькі такія людзі, як Зянон Пазьняк, Вячаслаў Чарнавіл, Звіяд Гамсахурдыя, Лявон Тэр-Петрасян. Але для партыйнай эліты гэта быў у першую чаргу элемэнт уплыву, уплыву на Гарбачова. Толькі ў жніўні 1991 году яны зразумелі, што можа здарыцца.
Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў распавядаў мне, што калі ён прыйшоў на сэсію Вярхоўнага Савету Ўзбэкістану, якая абвясьціла незалежнасьць краіны, пераважная большаюць дэпутатаў парлямэнту баяліся галасаваць за незалежнасьць. І гэта пры тым, што яны цалкам залежалі ад Карымава і Бюро ЦК Камуністычнай партыі Ўзбекістану. Але пры гэтым усё роўна баяліся гневу Масквы, Карымаў літаральна ціснуў на іх. Ён разумеў, што можа стаць прэзыдэнтам незалежнай краіны. І такіх прыкладаў было шмат.
— У Беларусі ў 1991-1996 гадах дзень незалежнасьці адзначаўся 27 ліпеня — у гадавіну прыняцьця дэклярацыі аб незалежнасьці ў 1990 годзе. Аднак многія ў Беларусі лічаць сапраўдным днём незалежнасьці 25 сакавіка. У гэты дзень ў 1918 годзе трэцяй статутнай граматай Рады БНР была абвешчаная незалежная БНР. Тады ж, у 1918 годзе, 22 студзеня, Цэнтральная Рада сваім чацьвёртым унівэрсалам абвясьціла незалежнасьць УНР. 23 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет УССР прыняў акт абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны. І гэты дзень 23 жніўня сьвяткуецца ва Ўкраіне як дзень незалежнасьці. А чаму не 22 студзеня?
— У нас ёсьць яшчэ адзін сьвяточны важны дзень — Дзень саборнасьці, Дзень абʼяднаньня. Гэта дзень, калі быў прыняты ўнівэрсал аб абʼяднаньні Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Ўкраінскай Народнай Рэспублікі ў адзіную дзяржаву. І мы адзначаем дзень прыняцьця гэтага ўнівэрсалу як Дзень саборнасьці ўкраінскіх зямель. І гэта, я б сказаў, даніна павагі тым дзяржавам, якія існавалі ў гэтай прасторы ўкраінскасьці ў той час. Украінская Народная Рэспубліка не ахоплівала тэрыторыю Заходняй Украіны, Букавіны, Закарпацьця. Там былі свае дзяржаўныя ўтварэньні. Была Заходне-Ўкраінская Народная Рэспубліка, была спроба стварэньня нацыянальных органаў улады на Букавіне і была Гуцульская Рэспубліка ў Закарпацьці. І гэта таксама былі спробы стварэньня ўкраінскай дзяржаўнасьці. І таму мы сьвяткуем дзень абʼяднаньня як Дзень саборнасьці, аддаючы даніну павагі гэтым працэсам.
Але сёньняшняя Украіна абвясьціла сваю незалежнасьць з пераемнасьцю з Украінскай ССР. Гэта быў працяг дэклярацыі аб сувэрэнітэце. І выбар, калі сьвяткаваць дзень незалежнасьці, гаворыць пра тое, што мы памятаем пра нашу тэрытарыяльную цэласнасьць, пра тое, што гэтая ўкраінская дзяржава была абвешчаная менавіта ў межах Украінскай ССР, а ня ў межах Украінскай Народнай Рэспублікі, якія былі іншымі і якія потым аспрэчваліся рознымі міжнароднымі гульцамі. Так што для нас гэта быў падмурак захаваньня сваёй дзяржаўнасьці у міжнародна прызнаных межаў, што, як бачыце, няпроста.
— Ці ўспрымаюць украінцы цяпер, падчас вайны, Беларусь як незалежную дзяржаву? Як саўдзельніцу расейскай агрэсіі — так. Але якая Калуская вобласьць РФ — яна не саўдзельніца Расеі, яна і ёсьць Расея. Украінскае войска наносіць удары па розных рэгіёнах Расеі. А па Беларусі — не. Таму што яна ўсё ж незалежная дзяржава, якая не ваюе?
— Так, незалежная дзяржава, але без сувэрэнітэту. І значная частка ўкраінскага грамадзтва сёньня нэгатыўна ставіцца да Беларусі і, на жаль, да беларусаў. Я не лічу гэта правільным і заслужаным. Я лічу, што беларусы жывуць у акупаванай дзяржаве, дзе іх дзяржаўны рэжым проста выступае ў якасьці акупацыйнага рэжыму, які зьяўляецца носьбітам акупацыйнай волі агрэсара. І з гэтага пункту гледжаньня цяжка прадʼяўляць прэтэнзіі да беларускага народу, які, па-сутнасьці, знаходзіцца пад ціскам рэпрэсій з боку рэпрэсіўнага апарату ня толькі сваіх, але і расейцаў. Але я думаю, што ўкраінцы ўсё ж працягваюць успрымаць Беларусь як незалежную дзяржаву. Проста сымпатыі да гэтай дзяржавы, якія заўсёды да яе былі, зараз сур'ёзна зьнізіліся.
— Памятаю, у 2020 годзе вы даволі скептычна ставіліся да таго, што ў выпадку перамогі беларускай апазыцыі краіна стане хаця б менш залежнай ад Расеі. Аднак пратэсты 2020 году былі хіба ня самым маштабным грамадзкім рухам у беларускай гісторыі. Калі і рух такой моцы ня вёў да незалежнасьці, то што можа да яе прывесьці, якія сілы, які грамадзка-палітычны мэханізм?
— Я ня думаў, што ў апазыцыі былі нейкія шанцы на перамогу, таму што ўсё гэта была барацьба ўнутры лукашэнкаўскай Беларусі. А ў лукашэнкаўскай Беларусі можа перамагчы толькі дыктатар. І гэты дыктатар мае відавочную падтрымку Расеі. Расейцы могуць яго палохаць, могуць зь ім гуляць, але ў рэшце рэшт яны пакінуць уладу ў яго руках. Прадстаўнікі гэтай апазыцыі верылі, што могуць пабудаваць лукашэнкаўскую Беларусь без Лукашэнкі. Гэта велізарная памылка, бо каштоўнасьць беларускай дзяржавы ў тым, што яна прадстаўляе інтарэсы беларускага народу, беларускай мовы, беларускай культуры, зусім іншай цывілізацыі. Беларусь, дзе людзі размаўляюць па-расейску і ходзяць у расейскую царкву — гэта не Беларусь. Гэта звычайная расейская калёнія. І ня мае значэньня, хто будзе губэрнатарам гэтай калёніі. Ці можа гэтая сытуацыя зьмяніцца? Магчыма. Мы бачылі, што беларусы ўпершыню ў дні пратэстаў пачалі выступаць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
— Але гэта рабілі людзі, якія ў асноўным размаўлялі па-расейску і хадзілі ў расейскую царкву.
— У нас таксама ёсьць людзі, якія размаўляюць па-расейску і ходзяць у расейскую царкву, але ў апошнія гады яны забыліся на расейскую мову і шлях да расейскай царквы. Гэта эвалюцыйны працэс. Беларускаму народу таксама давядзецца забыць расейскую мову і шлях да расейскай царквы, калі ён хоча застацца на этнаграфічнай карце сьвету як нацыя. Будучыня беларускага народу залежыць ад галоўнага — ад працэсаў у Расеі. Калі Беларусь застанецца пад расейскай акупацыяй і пад расейскім ціскам, рана ці позна гісторыя беларускага народу скончыцца.
— Але такія ж размовы вяліся ў 1990-1991 гадах, маўляў, калі расейская мова ў Беларусі застанецца, Беларусь стане часткай Расеі. І расейская мова засталася і Беларусь часткай Расеі ня стала. А прайшло 35 гадоў.
— Гэта таму што Расея яшчэ ня выканала сваіх задач. І мы бачым, як гэта ўсё прагрэсуе. Калі Ўкраіна ўтрымаецца ў вайне з Расеяй, расейскі ўплыў зьменшыцца і рана ці позна на чале Беларусі апынуцца палітычныя сілы нацыянальна-дэмакратычнага і дэмакратычнага характару. Сілы, якія адкрыюць магчымасьці для разьвіцьця беларускага нацыянальнага, для мовы і культуры. Калі зьявіцца чалавек, які можа нават быць расейскамоўным, але які будзе з павагай ставіцца да ўсяго беларускага, Беларусь адродзіцца. Галоўнае, каб на беларуска-расейскай мяжы вырасла цывілізацыйная сьцяна. Каб расейцы прыяжджалі ў Беларусь па візах, каб самі беларусы нават ня думалі перасякаць гэтую мяжу, каб для іх на ўсходзе нічога не было. Народ бяз мовы, бязь веры і без уласнага войска, якое гатовае яго абараняць, асуджаны на зьнікненьне. І беларусы ідуць гэтым шляхам да зьнікненьня сёньня, але гэта ня значыць, што яны яго дасягнуць. Яны могуць вярнуцца да сябе, да свайго дому, да Беларусі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум