Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўвяла санкцыі супраць «Беларускай цэмэнтнай кампаніі»


Беларускі цэмэнтны завод у Касьцюковічах. Архіўнае фота
Беларускі цэмэнтны завод у Касьцюковічах. Архіўнае фота

Варшава ўвяла санкцыі ў дачыненьні да кіроўнай кампаніі холдынгу «Беларуская цэмэнтная кампанія» (БЦК).

Інфармацыя пра санкцыі супарць БЦК вынікае з абноўленага сьпісу на сайце Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы (МУСіА). БЦК унесеная ў сьпіс 22 ліпеня, піша «Позірк».

Кампанія, як напісана ў дакумэнце, дэманструе значны рост у сваёй дзейнасьці, у тым ліку дзякуючы пашырэньню і ўмацаваньню супрацоўніцтва з Расеяй.

Холдынг «Беларуская цэмэнтная кампанія» быў буйным пастаўшчыком цэмэнту ў Польшчу, у 2022 годзе паставіў цэмэнт у гэтую краіну на 160 млн злотых (каля 44,4 млн даляраў ЗША).

Апроч цэмэнту, кампанія экспартавала ў Польшчу нягашаную і гашаную вапну, а таксама сьценавыя блёкі. Тавары закуплялі некалькі юрыдычных асоб, у тым ліку даччынае прадпрыемства БЦК, разьмешчанае ў Варшаве.

Польскае ведамства паведамляе, што сярод контрагентаў холдынгу застаюцца дзьве кампаніі, якія з 2022 года закупляюць тавары (гашаная і нягашаная вапна), якія не падпадаюць пад забарону на імпарт зь Беларусі.

У дакумэнце зазначаецца, што санкцыі супраць БЦК уведзеныя з-за таго, што холдынг «цесна супрацоўнічае і пастаянна разьвівае супрацоўніцтва з суб’ектамі Расейскай Федэрацыі, пастаўляючы прадукцыю, якая істотна садзейнічае паляпшэньню функцыянаваньня абаронна-арыентаванай эканомікі». Гэта прыводзіць «да нарошчваньня яе ваеннага патэнцыялу ў мэтах працягу агрэсіі супраць Украіны».

Санкцыі прадугледжваюць замарожваньне сродкаў кампаніі на тэрыторыі Польшчы, забарону на прадастаўленьне любых грашовых сродкаў ці эканамічных рэсурсаў, выключэньне з працэдуры дзяржаўных закупак ці конкурсаў.

5 сьнежня 2023 года БЦК была ўключана ў санкцыйны сьпіс ЗША.

9 ліпеня стала вядома, што Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненьні да беларускага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага.

Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі

2020 год

Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.

Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.

2021 год

Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.

Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

2022-2025 год

У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.

У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.

Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:

  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
  • 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
  • 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
  • 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
  • 27 сакавіка 2025 Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG