Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі АПК адрэагавалі на публікацыю «Свабоды»: За беларускую мову ў Беларусі могуць біць і звальняць


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Калі чалавек у Беларусі гаворыць па-беларуску, яго за гэта «могуць біць, дыскрымінаваць, звальняць з працы або ня браць на яе».

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Вольгі Зазулінскай і в. а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэньні Паўла Баркоўскага.

Яны адрэагавалі на сьведчаньні вызваленага зь беларускай турмы грамадзяніна Латвіі Дзьмітрыя Міхайлава, які паведаміў напярэдадні Радыё Свабода аб дыскрымінацыі беларускамоўных вязьняў. Паводле яго, людзей у зьняволеньні перасьледуюць за лісты і размовы на беларускай мове, а за спробу заступіцца за беларускамоўнага чалавека Міхайлава нават ударылі дубінкай у жывот.

Прадстаўнікі АПК назвалі сьведчаньні «вельмі паказальнымі»:

«Асабліва каштоўны погляд „чалавека звонку“, зь іншым культурным досьведам, які востра бачыць абсурднасьць сытуацыі. Ён паходзіць з краіны, дзе мова тытульнай нацыі прайшла празь ціск, але выжыла і стала асновай нацыянальнай самасьвядомасьці».

«Няма сумненьняў: у беларускіх турмах дамінуе „русский мир“, і гэта не выпадковасьць, а частка сыстэмы. Пэнітэнцыярная сыстэма — свайго роду люстэрка дзяржавы. І цяпер нават у турме ўжо няма месца для беларускамоўных беларусаў. Ці будзе яно хоць недзе? Гэта тая самая карціна сьвету, якая сёньня вызначае лад мысьленьня людзей, што кантралююць краіну», — адзначылі Зазулінская і Баркоўскі.

Дыскрымінацыя і гвалт, у тым ліку паводле моўнай прыкметы, — «абсалютна непрымальныя», дадалі яны. У АПК маюць намер прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да гэтай праблемы, бо праз выкарчоўваньне мовы тытульнай нацыі «паступова забіваецца сама нацыя, яе гісторыя, яе мысьленьне, яе права на самастойны шлях».

«Мы б хацелі думаць, што гэтая гідлівасьць і грэблівасьць да беларускай мовы і яе носьбітаў — усяго толькі асабістая рыса канкрэтных людзей. Мы маглі б зьвярнуцца да тых, хто працуе ў пэнітэнцыярнай сыстэме, з просьбай не пераступаць нават тыя рамкі, што засталіся ў межах закону. Але мы ня маем ілюзій. Да нас, „тэрарыстаў“, турэмшчыкі не прыслухаюцца. Такое стаўленьне — гэта не асабісты выбар. Гэта выбар сыстэмы. І „жоўтыя біркі“ на форме палітвязьняў — толькі адна з прыкмет гэтага выбару» — падкрэсьлілі аўтары.

Разьвіцьцё беларускай мовы дзесяцігодзьдзямі было прэрагатывай грамадзкіх ініцыятыў і арганізацый. Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, якія разьвівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», шэраг прыватных выдавецтваў, якія спэцыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.

У краіне праводзіцца палітыка русыфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасьць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, зьнізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.

Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.)

У 2024 годзе ў Беларусі выдадзена менш за 900 найменьняў кніг на беларускай мове агульным тыражом каля 3 млн экзэмпляраў — у дзевяць разоў менш па колькасьці і ў 4 разы па тыражы, чым кніг на расейскай мове.

Былыя вязьні неаднаразова сьведчылі аб тым, што да беларускамоўных зьняволеных у месцах няволі складваецца асабліва жорсткае стаўленьне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG