Сьцісла:
- Дзесьці на другую палову 2026-га году мы падыдзем фактычна да таго, што рост заробкаў будзе ўжо вельмі блізкі да нулявога.
- Дэфіцыт замежнага гандлю пакрываецца чыстым продажам валюты насельніцтва. Людзі актыўна здаюць сваю валюту ў абменьнікі.
- Тое, што беларускі экспарт у Расею прасеў, наўпрост зьвязана з аслабленьнем попыту з боку Расеі.
- Па выніках года інфляцыя складзе 8% — гэта ўжо базавы сцэнар.
— Паводле чарговых дадзеных афіцыйнай беларускай статыстыкі, рэальныя даходы працягваюць расьці. І ў рублях, і ў даляравым вылічэньні — улічваючы, што рубель умацоўваецца адносна даляру. Ці будзе гэты працэс росту заробкаў працягвацца, ці ёсьць падставы лічыць, што ён затармозіцца ў бліжэйшым часе?
— З аднаго боку, даволі істотны рост заробкаў, сапраўды, працягваецца, але, калі параўноўваць з 2024-м годам, то ён відавочна запаволіўся. Дарэчы, большасьць незалежных эканамістаў прагназавалі, што 2024-м годзе будзе назірацца моцны рост заробкаў — пераважна з-за такога чыньніка, як недахоп працоўнай сілы.
У другой палове 2026-га году мы падыдзем да таго, што рост заробкаў будзе ўжо вельмі блізкі да нулявога
І зараз, на адной частцы гэтых шаляў застаецца структурны дэфіцыт працоўных рук. А на іншай частцы — тое, што стрымлівае заробкі. Гэта й празьмерны цяжар на рэнтабэльнасьць, гэта й запавольваньне эканамічнага росту, таксама інфляцыйны ціск, які ўжо аказвае ўплыў на рэальныя даходы.
Таму калі глядзець у недалёкую будучыню — да канца гэтага году і пачатак наступнага году — гэтыя чыньнікі будуць запавольваць рост рэальных заробкаў. І дзесьці на другую палову 2026-га году, я думаю, мы падыдзем фактычна да таго, што рост заробкаў будзе ўжо вельмі блізкі да нулявога.
— Адзін з вызначальных працэсаў у беларускай эканоміцы ў гэтым годзе — нэгатыўнае сальда замежнага гандлю. Звычайна, у ранейшай гісторыі Беларусі гэта аказвала адразу моцны ўплыў на курс беларускага рубля. Зараз нэгатыўна сальда ёсьць, але рубель, нягледзячы на гэта, не падае, а нават узмацняецца. Паводле якіх прычынаў гэта адбываецца?
— Ад пачатку гэтага году трэнд значнага росту дэфіцыту стаў больш больш моцным і заўважаным. Гэта паступовая тэндэнцыя, якая назапашвалася яшчэ дзесьці з канца 2023га, але разьвілася ў 2024-м — зараз адна з галоўных праблем. Апошнія месяцы адбылося пэўнае завісаньне сытуацыі — няма рэзкага пагаршэньня, але нэгатыўныя лічбы застаюцца.
Па выніках году мы ідзем у кірунку каля 3% дэфіцыту гандлёвага сальда, і гэта для Беларусі досыць небясьпечная велічыня. Таму што крыніцаў, адкуль можна ўзяць замежныя пазыкі, каб прафінансаваць гэты дэфіцыт, цяпер амаль няма. Фактычна толькі Расея ці — зь вялікімі пытаньнямі — Кітай.
Крыніцаў, адкуль можна ўзяць замежныя пазыкі, каб прафінансаваць дэфіцыт, цяпер амаль няма
І таму гэта значна большы патэнцыйны тормаз для эканомікі, чым раней, калі ў нас былі гады, калі дэфіцыт замежнага гандлю быў большым. Таму што цяпер мы ня можам яго фінансаваць нейкімі замежнымі крэдытамі. Альбо ісьці на дадатковую залежнасьць ад Расеі, якая перарастае ўжо з эканамічнай у палітычную.
Але галоўная частка вашага пытаньня, чаму гэта пакуль ня так, яўна адлюстроўваецца на эканамічнай сытуацыі. Тут досыць просты адказ — пакуль на ўнутраным валютным рынку гэты дэфіцыт пакрываецца чыстым продажам валюты насельніцтвам. Людзі актыўна здаюць сваю валюту ў абменьнікі.
І галоўнае пытаньне — наколькі доўга гэта можа працягвацца? Бо гэты працэс ідзе ўжо больш за паўтары гады, у людзей пэўныя запасы валюты ёсьць. Ці будуць яны па-ранейшаму далей прадаваць сваю валюту? Тут ёсьць шмат пытаньняў. Пакуль гэта дазваляе вырашыць праблемы на валютным рынку — але нельга казаць, што гэта ўстойлівая сытуацыя. Хутчэй гэта вельмі хісткая і ненадзейная абарона ад дэфіцыту зьнешняга гандлю.
— Галоўны гандлёвы партнэр Беларусі — гэта Расея. Там шмат кажуць пра запаволеньне эканамічнага росту ня толькі па аб’ектыўных прычынах, а нават праз тое, што сама расейская эканамічная ўлада гатовая гэтаму запаволеньню спрыяць, каб эканоміка не перагрэлася. Як гэта можа паўплываць на беларускі экспарт і ў цэлым на беларускую эканоміку, якая ад Расеі занадта моцна залежыць?
— Я б сказаў, што ўжо паўплывала. Тое, што мы назіраем у другім квартале, гэта праявы тармажэньня расейскай эканомікі. Калі мы паглядзім на фізычны аб’ём экспарту, то ён на свае максымумы выйшаў напрыканцы лета 2024 году, а пасьля таго пачаў спачатку паступова прасядаць, а потым пачалася фактычна стагнацыя.
Тое, што беларускі экспарт у Расею прасеў, наўпрост зьвязана з аслабленьнем попыту з боку Расеі. Аднак ёсьць некаторыя аспэкты. За апошнія некалькі месяцаў беларускі рубель абясцэніўся да расейскага й гэта дазволіла трошкі падтрымаць экспарт — прынамсі, ён не стаў далей прасядаць. І другое, калі мы паглядзім у будучыню — то запавольваньне па выніках году безумоўна ў Расеі будзе. Але другая палова году 2025 можа трошкі папрацаваць у лепшы бок, лічбы будуць больш прывабнымі. Бо расейскі Цэнтрабанк пачаў зараз вельмі асьцярожна зьмякчаць манэтарную палітыку, і гэта будзе адпаведна штурхаць зноў да стымуляваньня росту.
То бок, калі асноўную думку падсумаваць — запавольваньне расейскай эканомікі было ў 2025-м даволі істотным, але з дастаткова высокай імавернасьцю другую палову году мы пабачым ажыўленьне расейскай эканомікі. Гэта не азначае істотна і надоўга, але на кароткатэрміновым прамежку часу магчыма зьменіцца кан’юнктура.
— Пасьля таго, як беларускія ўлады вясной у пэўным сэнсе зьнізілі кантроль над цэнамі, пытаньне інфляцыі выходзіць на першы плян. Многія лічаць, што інфляцыя ня толькі перавысіць пляны ўраду, але і дасягне даволі высокіх лічбаў. Які прагноз выглядае найбольш рэалістычным?
— Тое, што па выніках года інфляцыя складзе 8%, — гэта ўжо базавы сцэнар. Калі ў пачатку году ўлады казалі, што забясьпечаць каля 5% — гэта выглядала даволі сьмелым выклікам. Бо, гледзячы на ўзровень разыходжаньня цэнаў з расейскімі і тое, што інфляцыя ў Расеі была вышэйшая за Беларусь, плюс слабое фінансавае становішча беларускіх фірмаў — то паўстае пытаньне, як яны зьбіраліся гэтага дасягаць?
Гэта, акрамя ўсяго, магло прывесьці да яшчэ больш значных дыспрапорцыяў унутры эканомікі з-за так званага інфляцыйнага навесу, што было вельмі небясьпечна. Таму нягледзячы на рыторыку, першую палову году яны трошкі аслабілі ланцугі цэнаў — але ці будуць яны рабіць гэта далей? Пытаньне.
Тое, што па выніках года інфляцыя складзе 8%, — ужо базавы сцэнар
Бо, з аднаго боку, назапашаны інфляцыйны ціск застаецца. Яго за апошнія некалькі месяцаў удалося трансфармаваць у рэальную інфляцыю, але ня ўвесь. Можна сказаць, гэта добра — каб у нейкі момант не рванула рэзка.
Але ў рыторыцы мы зноў бачым ад палітычнага кіраўніцтва, асабіста ад Лукашэнкі, пэрформансы пра тое, што нельга цэнам дазволіць расьці й гэтак далей. Таму што далей будуць зрабіць улады ў дачыненьні да цэнаў? — для мяне вялікае пытаньне.
Тое самае ў палітыцы Нацыянальнага банку. З аднаго боку, фармальна доўга не падымалі стаўку, нядаўна было першае падвышэньне за вельмі значны пэрыяд. Зь іншага боку, гэтае падвышэньне хутчэй сымбалічнае, як адмазка выглядае. Маўляў, вы там кажаце, што інфляцыя нарастае, таму мы падвысім стаўку рэфінансаваньня.
Калі мы паглядзім на рыторыку абноўленага кіраўніцтва Нацбанку, то там пануе па-ранейшаму фокус на тым, што трэба стымуляваць інвэстыцыі і факусавацца на адміністратыўным кіраваньні цэнамі.
Таму калі гэта ўсё аб’ядноўваць, я б пакуль арыентаваўся на ўзровень інфляцыі па выніках 2025 году каля 8%. А які будзе трэнд далей — для мяне пакуль пытаньне. Ці пачнуць інфляцыю зноў штучна абмяжоўваць, і ў якой ступені будуць штучна падганяць эканоміку, што ў сваю чаргу ўплывае на інфляцыю — тут пакуль больш пытаньняў, чым адказаў. Бо з аднаго боку ёсьць непасьлядоўнасьць у дзеяньнях і заявах уладаў, а зь іншага боку іх жаданьне вельмі разыходзіцца з магчымасьцямі і замежнай кан’юнктурай.
Форум